Адным з актуальных напрамкаў работы сучасных устаноў дашкольнай адукацыі з'яўляецца ахова жыцця і здароўя выхаванцаў, арганізацыя іх бяспечнай жыццядзейнасці. З надыходам зімовага перыяду вада ў вадаёмах пакрываецца лёдам. І нельга забываць пра сур'ёзную небяспеку, якую ўтойваюць у сабе толькі што змёрзлыя вадаёмы.
З мэтай фарміравання ў выхаванцаў уяўленняў аб бяспечных паводзінах на вуліцы ў зімовы перыяд і прафілактыкі траўматызму ў нашым дзіцячым садзе прайшоў тэматычны тыдзень «Асцярожна, лёд!» Падчас арганізацыі разнастайных відаў дзіцячай дзейнасці педагогі разам з дзецьмі абмеркавалі пытанні бяспечных паводзін на вуліцы ў зімовы перыяд : правілы паводзін дзяцей на прагулцы ў халодную пару года, небяспекі, якія падцікоўваюць чалавека ля вадаёмаў (рэк, азёр, сажалак), і да якіх трагічных наступстваў прыводзяць легкадумнасць, свавольства пры знаходжанні на вадаёмах у гэты зімовы перыяд. Таксама і дзеці падзяліліся сваімі ўяўленнямі бяспечных паводзін на вуліцах горада, асабліва калі на дарогах галалёд.
А мы, педагогі, яшчэ раз звяртаемся да бацькоў з просьбай:
«Дарослыя, не пакідайце дзяцей без нагляду, будзьце ўважлівымі, выконвайце ўсе правілы бяспекі і спыняйце спробы выхаду дзяцей на лёд! Бестурботнасць можа абярнуцца трагедыяй!»

