07.02.24
"Мы прыйшлі сёння ў сад, значыць будзем мы гуляць!"

Тэатралізаваная дзейнасць у дзіцячым садзе - гэта не проста гульня; тэатр - цудоўны сродак развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту: дзіцячага ўспрымання, гаворкі, эмацыйнай сферы і, што немалаважна, развіццё творчай асобы дзіцяці. Тэатралізаваная дзейнасць дазваляе фармаваць досвед сацыяльных навыкаў паводзін дзякуючы таму, што кожная казка ці літаратурны твор для дзіцяці заўсёды маюць маральную скіраванасць (дабрыня, смеласць). Дзякуючы тэатру дзеці спазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам і выказваюць свае ўласныя адносіны да дабра і зла. Магчымасці тэатралізаванай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту даволі шырокія, менавіта таму гэты від дзейнасці з'яўляецца арганізаваным педагагічным працэсам ва ўстанове дашкольнай адукацыі. У групах мы ствараем умовы для тэатралізаваных гульняў, арганізаваны куткі тэатральна-гульнявой дзейнасці. Мы стараемся папаўняць іх рознымі новымі гульнявымі матэрыяламі і атрыбутамі. І ў гэтым нам вельмі дапамагае ўдзел бацькоў. Некаторыя атрыбуты ўдаецца зрабіць разам з дзецьмі і выкарыстоўваць іх у далейшым у тэатральных гульнях. Сумесная з педагогамі гульнявая і адукацыйная дзейнасць засноўваецца на падтрыманні дзіцячай ініцыятывы і самастойнасці, творчай актыўнасці. Плануем і надалей, прытрымліваючыся прынцыпаў сістэмнасці, паслядоўнасці, даступнасці, працягваць работу па фарміраванні ў дзяцей цікавасці да тэатральна-гульнявой дзейнасці, вырашаючы разнастайныя задачы іх развіцця і выхавання.