Ужо ў кастрычніку 2024 года набывае моц новая рэдакцыя правілаў дарожнага руху. Сярод абнаўленняў - і абавязковае выкарыстанне блізкага святла (ці дзённых хадавых агнёў) у канцы і пачатку школьнага навучальнага года: з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня.
Пакуль жа абавязак ездзіць у гэты час са святлом рэгламентуецца спецыяльным комплексным мерапрыемствам "Увага, дзеці!". Стартуе яно 25 жніўня. З гэтага дня і па 5 верасня вадзіцелі абавязаны выкарыстоўваць блізкае святло фар або дзённыя хадавыя агні незалежна ад часу сутак і ўмоў надвор'я. За парушэнне пагражае штраф да трох базавых велічыняў.
Што датычыцца дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, то, як адзначылі ва УУС Бабруйскага гарвыканкама, з пачатку года уліковых ДТЗ з удзелам непаўналетніх у Бабруйску зафіксавана не было.
