Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і народных традыцый з'яўляецца актуальным пытаннем сучаснай педагогікі і эфектыўным сродкам фармавання асобы дзіцяці. З мэтай фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб народных традыцыях, прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і побыту педагогамі нашай установы дашкольнай адукацыі выкарыстоўваюцца разнастайныя формы, метады і прыёмы работы. Адной з цікавых форм ажыццяўлення работы з дзецьмі ў гэтым напрамку з'яўляецца наведванне і правядзенне заняткаў (гутарак, назіранняў і да т.п.) у міні-музеі "Беларуская лялька". Музей уяўляе сабой адлюстраванне вясковага памяшкання, дзе сабраны некаторыя прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адметнай асаблівасцю музея з'яўляюцца лялькі ў беларускіх народных строях розных абласцей Беларусі, палатняныя народныя лялькі-сімвалы, вырабленыя супрацоўнікамі дзіцячага сада. У музеі дзеці маюць магчымасць рэальна дакрануцца да экспанатаў даўніны, усе прадметы можна не толькі разгледзець, але і пераставіць, гуляць з імі, таму што фізічныя і эмацыйныя адчуванні з прадметам дазваляюць сфарміраваць больш поўнае ўяўленне пра асаблівасці матэрыялаў, іх падабенства ці адрозненне, спосабы засваення. . Уключэнне міні-музея ў адукацыйную прастору ўстановы дашкольнай адукацыі нясе важкую педагагічную функцыю. Менавіта тут для дзяцей адкрываецца магчымасць першага пранікнення ў гісторыю побыту роднага краю!



